Вывучаем родную мову разам

Адным з галоўных дасягненняў у перыяд дашкольнага дзяцінства з’яўляецца авалоданне мовай. Першыя маўленчыя навыкі дзіця атрымлівае ў сям’і. Грамадскае дашкольнае выхаванне, з’яўляючыся першым звяном агульнай адукацыйнай сістэмы, закладвае асновы моўнай культуры асобы. 

Мова — гэта не толькі сродак сацыяльнага ўзаемадзеяння, намінацыі рэчаіснасці, прылада інтэлектуальнай дзейнасці, рэфлексіі, самавыяўлення, самарэгуляцыі і сацыялізацыі асобы, але і ўвасабленне культурных і гістарычных каштоўнасцей народа.

Мова таксама выступае асноўным механізмам этнагенезу (прыналежнасць пры нараджэнні да якой-небудзь нацыі), дзе за ёй замацоўваецца сігніфікатыўная функцыя, інакш кажучы, мова служыць знакам для нацыянальнай ідэнтыфікацыі. 

Працэс авалодання дзіцём мовай вельмі складаны, што абумоўлівае патрэбу ў педагагічным кіраванні, заснаваным на грунтоўным навуковым псіхолага-педагагічным падыходзе. Унікальнасць і складанасць моўнай сітуацыі, якая характарызуецца функцыянаваннем у рэспубліцы беларуска-рускага блізкароднаснага білінгвізму, патрабуе пэўнай спецыфічнай арганізацыі выхавання і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з неабходнасцю засваення дзвюх моў.

Авалоданне беларускай мовай у дзiцячым садку адбываецца у адпаведнасцi з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыi.

Прыгажосць беларускай мовы

Беларуская мова - гэта дзяржаўная мова беларусаў. Уваходзіць у індаеўрапейскую моўную сям'ю, славянскую групу, усходнеславянскую падгрупу. 

Наша родная мова самая прыгожая і вельмі мілагучная. Яна - нібы спеў салаўя, нібы звон капелі ранняй вясной, нібы гук сярпа ў полі; яна цеплая, як матуліна пяшчота!

Каб даць магчымасць дарослым і дзецям адчуць смак роднай мовы была створана рубрыка "Прыгажосць беларускай мовы".

Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту

развернуть

Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту

«Дзяцінства – гэта кожнадзеннае адкрыцце свету,і

таму трэба зрабіць так, каб яно стала,

ў першую чаргу, пазнаннем чалавека і

Айчыны, іх прыгажосці і велічы»

В.А. Сухамлінскі

Дашкольнае дзяцінства з’яўляецца першай і вельмі важнай ступенню ў  выхаванні нацыянальнай самасвядомасці дзіцяці. Менавіта дашкольны ўзрост – важнейшы перыяд станаўлення асобы, калі закладваюцца перадумовы якасцей чалавека - грамадзяніна, развіваюцца ўяўленні дзяцей аб чалавеку, грамадстве і культуры.

Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці падрастаючага пакалення – адна з самых актуальных задач нашага часу. За мінулыя гады адбываліся вялікія змены ў адносінах людзей да нашай гісторыі, пераацэнка маральных каштоўнасцей. На жаль, у наш час матэрыяльныя каштоўнасці дамініруюць над духоўнымі, а ўяўленні аб дабрыні, вялікадушшы ў дзяцей часта бываюць скажонымі.

Маральна - патрыятычнае выхаванне з'яўляецца адным з важнейшых элементаў грамадскай свядомасці, менавіта ў гэтым аснова жыццядзейнасці любога грамадства і дзяржавы, пераемнасці пакаленняў.  Разумеючы актуальнасць гэтай праблемы на сучасным этапе, педагогі нашай установы лічаць, што фарміраванне асобы дзіцяці не магчыма без фарміравання ўсведамлення сваей этнічнай прыналежнасці да культуры народа.

Педагогі нашай установы надаюць вялікае значэнне выхаванню сямейных каштоўнасцей, жаданню разумець і размаўляць на роднай мове, азнаямленню дашкольнікаў з гістарычнымі, культурнымі, нацыянальнымі, геаграфічнымі, прыродна – экалагічнымі своеасаблівасцямі горада. Пры азнаямленні з родным горадам, яго адметнымі асаблівасцямі, яны вучаць дзяцей ўсведамляць сябе жывучым у пэўным часавым перыядзе, у пэўных этнакультурных умовах і ў той жа час далучаюць іх да багацця нацыянальнай культуры.

Веданне і вывучэнне педагогамі асаблівасцей дашкольнага ўзросту з'яўляецца асновай у рабоце па фарміраванню нацыянальных патрыятычных каштоўнасцей.

Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці дзяцей – адказная і складаная задача, вырашэння якой у дашкольным дзяцінстве толькі пачынаецца. Планамерная сістэматычная работа, выкарыстанне разнастайных сродкаў выхавання, агульныя намаганні дзіцячага саду і сям’і, адказнасць дарослых за свае словы і ўчынкі даюць станоўчыя вынікі і становяцца грунтоўным падмуркам для далейшай работы па выхаванню нацыянальнай самасвядомасці асобы дзіцяці.

Прыйдзе час, і сённяшнія дашкольнікі будуць вызначаць будучыню роднай Беларусі. І вельмі важна ўжо зараз звярнуць увагу на выхаванне ў падрастаючага пакалення нацыянальнай самасвядомасці, выхаванне асобы з актыўнай жыццевай пазіцыяй, у цэнтры якой будзе усведамленне ўласнай адказнасці за лёс Радзімы.

Мы не чакаем ад нашых выхаванцаў праяўлення дарослых форм нацыянальнай самасвядомасці. Але калі ў выніку педагагічнай працы бачым, што дзеці ведаюць імены тых, хто заснаваў і праславіў вёску, горад, краіну, пачалі праяўляць інтарэс да значымых для вёскі, горада, краіны падзей, эмацыянальна рэагіраваць на творы мастацтва і адлюстроўваць свае ўражанні ў прадуктыўнай дзейнасці, лічым, што задача - выканана.

свернуть

Вучымся прыгожа, выразна размаўляць

развернуть

Вучымся прыгожа, выразна размаўляць

Кожны чалавек павінен ведаць сваю мову, спяваць народныя песні, умець танцаваць свае народныя танцы, ведаць прыказкі свайго народа, святы свайго краю. Чалавеку трэба шмат чаго ведаць. А як нам лепш вывучыць родную мову?

Як вядома, слуханне і разуменне – гэта першая ступень авалодання мовай. Таму, калі дзеці слухаюць выхавальніка, яны вучацца разумець пачутае.

Маленькія вершаваныя формы, паэтычныя радкі з вершаў беларускіх паэтаў і фальклорныя паэтычныя творы могуць служыць матэрыялам для вывучэння фанетыкі беларускай мовы. Дзеці вучацца разумець і гаварыць па – беларуску, далучаюцца да паэзіі, фальклору, пазнаюць розныя з’явы жыцця. Гэта гатовыя апоры для гутаркі, для вывучэння слоў, для развіцця маўлення.

Строфы і вершыкі падбіраюцца такім чынам, каб яны былі цікавыя і разнастайныя па зместу, вобразныя, даступныя для ўспрымання. Пытанні да іх   дапамогуць распачаць гутарку з дзецьмі.

Працаваць з вершаванымі формамі можна па – рознаму. Двухрадковыя формы можна проста паўтараць разам з дзецьмі, вытлумачыўшы ім значэнне слоў. Іншыя формы таксама паўтараюцца, вывучаюцца і выкарыстоўваюцца для гутаркі.

Вельмі важна каб у выхавальніка было добрае вымаўленне, каб яно служыла ўзорам для дзяцей. Таму трэба звярнуць увагу на асаблівасці беларускай фанетыкі. Прыгадаем асноўныя нормы беларускага вымаўлення.

1)Галосныя і ў ненаціскным становішчы вымаўляюцца выразна: галава, працавіты, птушанятка.

2) Зычныя р, ч заўсёды вымаўляюцца цвёрда: рабіна, рэха, чалавек, казачны.

3)Гук г фрыкатыўны, працяжны: грошы, гарнітур, граблі. Толькі ў асобных запазычаных словах ён вымаўляецца інакш: гузік, швагер, гвалт.

4) Падоўжаныя зычныя вымаўляюцца выразна, як двайныя: галлё, калоссе, насенне, зацішша, збожжа.

5) Звонкія зычныя на канцы слоў, а таксама ў сярэдзіне слова перад глухімі вымаўляюцца, як адпаведныя глухія: хлеб – хлеп, нож – нош, лодка – лотка, лёгка – лёхка.

6) Глухія зычныя перад звонкімі вымаўляюцца, як адпаведныя звонкія зычныя: просьба – прозьба, касьба – казьба, барацьба – барадзьба.

7)Спалучэнне дж вымаўляецца, як адзін гук дж, а не два д і ж: дождж.

                                                   Білінгвізм

Слова “білінгвізм” паходзіць ад двух лацінскіх: bi – “двайны” і lingua – “мова”. Такім чынам, білінгвізм – гэта валоданне дзвюма мовамі, двухмоўе, а чалавек, які мае такія здольнасці, называецца білінгвам. Білінгвізм – гэта неабходны сродак моўных зносін паміж народамі, якія кантактуюць эканамічна, палітычна, культурна. Навукоўцы выдзяляюць некалькі тыпаў білінгвізму. Па колькасці засвоеных дзеянняў размяжоўваюць рэцэптыўны (чалавек разумее, але не размаўляе на іншай мове) і прадуктыўны (чалавек размаўляе на другой мове) білінгвізм. Па сувязі з мысленнем выдзяляюць непасрэдны (білінгв “думае” на другой мове) і апасродкаваны (асоба перакладае з роднай мовы выказванне на няродную мову) білінгвізм. Па ўмовах узнікнення размяжоўваюць натуральны (узнікае найчасцей у раннім дзяцінстве, у шматмоўных сем’ях) і штучны (узнікае ў выніку навучання) білінгвізм. Па колькасці ўдзельнікаў у моўных зносінах білінгвізм падзяляюць на індывідуальны і калектыўны. Білінгвізм у нашай краіне – з’ява натуральная, нацыянальная, якая склалася на працягу многіх стагоддзяў гісторыі беларускага этнасу. Сёння ў Рэспубліцы Беларусь дзве мовы гучаць на тэлебачанні і радыё, у навучальных установах і многіх сем’ях.

Як мы павінны ставіцца да білінгвізму сёння? Ці патрэбен ён беларускім дашкольнікам? Па-першае, неабходна ўсвядоміць, што білінгвізм на Беларусі – гэта рэалія сённяшняга жыцця і не прымаць яго як дадзенасць не магчыма. Па-другое, неабходна ведаць адмоўныя бакі білінгвізму для развіцця маўлення дзяцей і важна знаходзіць аптымальныя шляхі і сродкі іх пераадолення.

Лічыцца, што білінгвізм дабратворна ўплывае на развіццё памяці, мыслення, увагі, знаходлівасці, хуткасці рэакцыі, матэматычных здольнасцей дзяцей. Двухмоўе ў дашкольным узросце закладвае спрыяльныя асновы для добрага засваення ў будучым абстрактных навук, літаратуры, іншаземных моў.

Фарміраванне беларускага маўлення ў дашкольных установах – факт пазітыўны, бо спрыяе зберажэнню этнічнай, нацыянальнай культуры народа. Акрамя таго дашкольны ўзрост вызначаецца асаблівай сензітыўнасцю да ўспрымання і засваення другой мовы. Для бацькоў матывам авалодвання беларускай мовай можа стаць разуменне патэнцыйнасці атрымання ў будучым іх дзецьмі адукацыі або задаволенне патрэб навуковай дзейнасці. Асаблівасці развіцця маўлення дашкольнікаў ва ўмовах нацыянальнага білінгвізму:

  1. Дзеці са спазненнем засвойваюць маўленне.
  2. Слоўнікавы запас кожнай мовы ў дзяцей бяднейшы, чым у маналінгваў, аднак у суме лексікон дзіцяці большы.
  3. Пры адсутнасці сістэматычнага навучання, могуць быць праблемы з авалоданнем граматыкі.

Шляхі эфектыўнай працы выхавальніка ў дашкольнай установе ва ўмовах білінгвізму:

  1. Распрацоўка комплекса мер па ўдасканаленню маўлення дзяцей на другой мове.
  2. Арганізацыя паўнавартаснага навучальнага асяроддзя ў дашкольных установах на другой мове.
  3. Фарміраванне пазітыўных адносін сям’і дзіцяці да нацыянальнай мовы.
  4. Станоўчая ацэнка білінгвізму дзіцяці, яго заахвочванне, узмацненне матывацыі дашкольніка з боку дарослых.

Н. Старжынская, вытлумачваючы ключавое значэнне матывіроўкі дзіцяці ў засваенні ім другой мовы, слушна адзначаюць: “Асноўная роля ў навучанні належыць не паўтарэнню асобных слоў, сказаў, не завучванню гатовых дыялогаў з наступным іх разыгрываннем, а натуральнаму працэсу, у якім кожнае моўнае дзеянне (выказванне) пачынаецца з матыву, жадання нешта сказаць, падпарадкоўваецца мэце, дзеля якой будуецца выказванне, і перадае ўласныя думкі”.

Для эфектыўнага развіцця маўлення дашкольнікаў педагогам неабходна весці планамерную працу з паступовым ускладненнем яе зместу, рэгулярна ствараць гульнёвыя сітуацыі (як на спецыяльна арганізаваных занятках, так і ў свабодны ад заняткаў час), у аснове якіх будзе пакладзена абыгрыванне сюжэтаў фальклорных і мастацкіх твораў, актыўная дзіцячая словатворчасць. Моўныя гульні даюць магчымасць трывалага фарміравання маўленчых навыкаў дашкольнікаў, росту ўзроўню іх маўленчай і камунікатыўнай кампетэнтнасці. У гульні дзеці хутчэй наладжваюць моўны кантакт, лепш разумеюць субяседнікаў, выкарыстоўваюць у сваіх гульнях літаратурныя сюжэты, забаўлянкі, казкі, фантазіруюць, прыдумваюць свае ўласныя сюжэты. Гульня здольна даць дзецям цікавасць, сімпатыю да маўленчай дзейнасці, нязмушанасць дзеянняў, спаборніцтва, актыўнасць.

Неабходна размяжоўваць два напрамкі працы педагога ва ўмовах білінгвізму:

  1. Выпраўленне і папераджэнне памылак, звязаных з уплывам беларускай і ўкраінскай моў, палескай гаворкі на маўленне па-руску.

Авалоданне другой мовай можа суправаджацца так званай інтэрферэнцыяй, г. зн. неўсвядомленым змешваннем білінгвам сістэм дзвюх моў. У выпадку кантакту рускай і беларускай моў як блізкароднасных гэтае ўздзеянне не істотнае, не павінна палохаць педагога, бо не складае цяжкасцей ва ўспрыманні і распазнаванні выказвання. Важна памятаць, што пры агульнай падобнасці рускай і беларускай фанетычных сістэм існуе шэраг адрозненняў, якім неабходна вучыць дзяцей. У рускай мове двухмоўных дашкольнікаў могуць узнікнуць памылкі пры гукавым афармленні наступных фанем: шапялявае вымаўленне гукаў [з’], [дз’], [с’], [ц’]; толькі цвёрдае вымаўленне гукаў [ч] і [р]; замена выбуховага гука [г] на фрыкатыўны, дзеканне і цеканне, ярка выражанае аканне і г.д.

Цяжкасці таксама могуць узнікнуць у вымаўленні асобных слоў. У рускай і беларускай мовах націск нярэдка не супадае.

Асобныя памылкі дашкольнікаў могуць узнікнуць на лексічным узроўні. Так, напрыклад, у рускай мове беларусаў “прыжыліся” многія беларусізмы (бульба, буряк, насбирать, бабка, вдвох, наполам, бусел, хлопец, хата, калыханка, конюшина, гроши, лялька, смак і інш.).

Інтэрферэнцыя – працэс двухбаковы. На Беларусі найбольшае пашырэнне атрымала руска-беларуская інтэрферэнцыя, аднак апошнім часам актывізаваны і адваротны вектар – нацыянальная мова, змагаючыся са знешнім уплывам, адаптуе рускую мову пад беларускую моўную сістэму.

 2.Выпраўленне і папераджэнне памылак, звязаных з уплывам рускай, украінскай, польскай моў, палескай гаворкі на маўленне на беларускай мове.

Руская, украінская, польская мовы, палеская гаворка спрадвеку служылі крыніцай абагачэння беларускай мовы. Заканамерна ўзнікалі і памылкі, звязаныя з уплывам на беларускую мову іншых моў. Асноўнымі прычынамі ўзмацнення ўплыву рускай мовы на беларускую ў ХІХ–ХХ стагоддзях былі ўключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі і скіраваная палітыка русіфікацыі насельніцтва. Аднак татальнага выцяснення беларускай мовы рускімі моўнымі адзінкамі, як магло бы падацца на першы погляд, на самай справе не адбылося. Руская мова стала толькі пасрэднікам у плённым запазычванні іншамоўныхслоў убеларускую мову.

Аўтарытэтны грузінскі даследчык білінгвізму М.В. Імедадзе адзначыў, што гэта натуральная, “абавязковая” стадыя (1–2 гады) засваення двухмоўя, пасля якой пачынаецца выразнае размежаванне моў. У сувязі з гэтым можна лічыць станоўчымі рэкамендацыі як мага ранняга вывучэння другой мовы.

У беларускай мове дашкольнікаў-білінгваў пашыранымі з’яўляюцца лексічныя памылкі, выкліканыя беднасцю слоўнікавага запасу дзяцей: цёця (замест цётка), дзядзя (замест дзядзька), благадару (замест дзякуй), васкрасенне (замест нядзеля), сягодня (замест сёння), дзярэўня (замест вёска), мецель (замест завея) і інш. Распаўсюджаны таксама памылкі акцэнталагічныя: дочка (замест дачка), адзінаццаць (замест адзінаццаць), спіна (замест спіна) і г.д.

У беларускім маўленні білінгваў значную частку складаюць словаўтваральныя памылкі: вымакшы (замест вымаклы), ахрыпшы (замест ахрыплы), кантраліраваць (замест кантраляваць), па-чалавечаскі (замест па-чалавечы), бацькоўскі (замест бацькавы). Інтэрферэнцыя ў маўленні дашкольнікаў можа ўзнікнуць таксама на сінтаксічным узроўні: смяяцца над ім (замест смяяцца з яго), машына мамы (замест маміна машына) і інш. Асобныя парушэнні маўленчых норм можна заўважыць на марфалагічным узроўні: высокі таполя (замест высокая таполя), вокна (замест вокны) і г.д.

свернуть

Роля беларускай мастацкай літаратуры ў развіцці дашкольнікаў

развернуть

Роля беларускай мастацкай літаратуры ў развіцці дашкольнікаў

Дарослы ведае, што кніга не толькі вучыць, развівае і выхоўвае дзіця, яна абуджае ў маленькім чалавеку самыя разнастайныя творчыя пачаткі, яна дапамагае дзіцячай фантазіі здабыць багатую вобразнасць і ўнутраны сэнс.

Дзіця не можа не гуляць, не выдумляць, не складаць. Гэта непазбежна, гэта яго спосаб пранікнення ў рэальную рэчаіснасць. Але што менавіта ён выдумляе? Як складае і чаму складае менавіта гэта? Якія маральныя і эстэтычныя прычыны праяўляюцца ў дзіцячай гульні, якая патроху, часцяком незаўважна для самога дзіцяці, становіцца яго сапраўдным жыццём? Свет чытання, свет кнігі з яе літаратурнымі і графічнымі выявамі, дапамагае даросламу насыціцца і накіраваць дзіцячае ўяўленне. Кніга падае дзіцяці прыклад творчасці, прыклад творчага стаўлення да рэальнага часу. Менавіта тут, на кніжнай старонцы, малыя сустракаюць ўпершыню гарманічнае адлюстраванне рэчаіснасці. Кніжка распавядае самае галоўнае, паказвае самае прыгожае.

Ёсць у дзіцячай літаратуры розныя кнігі: вясёлыя і сумныя, але яны заўсёды жыццесцвярджальныя. Таму дзеці не могуць не любіць кнігу, таму радуюцца кнізе, як святу. А дарослыя павінны падрыхтаваць гэтую радасць, дапамагчы дзіцяці зразумець, адчуць кнігу ва ўсёй яе паўнаце.

Да нейкага ўзросту дзеці жывуць у казцы, як раўнапраўныя члены казачнага свету. І гэта натуральна, таму што казка блізкая і сугучная іх светаадчуванню. У самым пачатку жыцця яна сустракае дзяцей фантастычнымі вобразамі, займальнымі прыгодамі, маляўнічасцю і яркасцю свайго свету. Уся гэтая свежасць, чысціня, напеўнасць, гарманічная цэласць казкі служаць для маленькіх першым штуршком да развіцця фантазіі, мыслення, творчасці. Прастата і прыгажосць казачных герояў і іх учынкаў неабходныя дзіцячай свядомасці як першае адлюстраванне свету, сапраўдных чалавечых адносін у чыстым люстэрку сапраўднага мастацтва.

У кожнай казцы пракладзеная мяжа паміж Дабром і Злом. Яны непрымірымыя ворагі, яны знаходзяцца ў адвечнай барацьбе. І ў гэтым проціборстве заўсёды перамагае Дабро, заўсёды перамагае справядлівасць. Гэтая ідэя перамогі Дабра над Злом заўсёды пераканаўчая, таму што выношвалася і нараджалася разам з узнікненнем свядомасці людзей і ўдасканальвалася разам з яго развіццём, таму што працятая верай і надзеяй ўсяго чалавецтва ва ўрачыстасць добрых спраў. А вера гэтая падмацавана часам. Менавіта таму такая моцная казка і менавіта таму дзеці так вераць у яе. У амаль любой народнай казцы ўсё падпарадкоўваецца толькі дасканалым законам чалавечага быцця, тым ідэалам, якія прайшлі праверку многіх пакаленняў людзей, выкрышталізаваліся, сталі агульначалавечымі. І дзецям лёгка прыняць гэтыя ідэалы, лёгка пагадзіцца заканамернасцю.

Вельмі важна для дзяцей, што ў казцы герой, які ўвасабляе дабро, заўсёды станоўчы. Гэта ці непераможны волат, які абараняе свой народ, ці проста чалавек, які перамагае зло розумам, мудрасцю і знаходлівасцю. У любым выпадку станоўчага героя адрозніваюць розум, прыгажосць, умелыя рукі, альбо добрае чараўніцтва, а адмоўнага зло, пачварнасць і падступнасць. Таму дзеці любяць казачных герояў, вераць ім і пераносяць гэтую веру і любоў са свету казачнага ў свет рэальны.

Дзякуючы казцы, дзеці пачынаюць ўсведамляць найгалоўнейшыя ісціны чалавечага жыцця. Казка дапамагае фармаваць асновы маральнасці, маралі, па законах якой ім трэба будзе жыць. Тая самая простая, найпростая казка, якую мы, стаўшы дарослымі, пачынаем лічыць дзіцячай забавай.

Чытайце з дзецьмі як мага больш, а галоўнае пагаварыце, пра што прачытал!

свернуть

Беларускія народныя гульні

подробнее...

Загадкі на роднай мове

подробнее...
поделиться в: